У кожнага свой шлях да творчасці Адама Міцкевіча

Вельмі добра, што да паэзіі і асобы А. Міцкевіча звяртаюцца не толькі ў круглыя даты і юбілеі, але і ў самыя звычайныя дні, зрэдку ўзнаўляючы яго творчасць у памяці. Гартаю пажоўклыя старонкі шляхецкай гісторыі 1811-1812 гадоў, трымаючы ў руках самы папулярны твор А.Міцкевіча, сусветны шэдэўр паэзіі – “Пан Тадэвуш”, які вырас да ўзроўню народнай эпапеі. Гэты экземпляр кнігі быў выдадзены ў Познані адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у 1946 годзе. Кніга вельмі каштоўная для мяне, і не толькі таму, што яе перадала маці, і не тым, што кніга старэйшая за мяне, але перш за ўсё – сваім зместам. Час ад часу перачытваю яе і кожны раз знаходжу нешта новае, над чым варта паразважаць. Ужо прайшлі больш за два стагоддзі ад гістарычных падзей, пра якія апісваецца ў знакамітым творы, а яны ўсё жывуць у памяці розных народаў дзякуючы таленту А. Міцкевіча. Народная эпапея становіцца жывым голасам мінулага і адначасова з’яўляецца ўспамінам і абяцаннем. Памятаю, што першае знаёмства з творчасцю А.Міцкевіча адбывалася ў далёкім дзяцінстве. Да гэтай пары засталося ў памяці, як доўгімі зімовымі вечарамі маці і бацька чыталі паэтычныя творы А.Міцкевіча ў арыгінале. Многія творы паэта бацькі ведалі на памяць, часта спаборнічаючы паміж сабой, хто больш успомніць. Вельмі запалі ў дзіцячую душу творы: балада “Вяртанне бацькі”, паэма “Пан Тадэвуш”, “Гражына” і іншыя. У дзяцінстве я часта з бацькамі наведваў Вільню. Яны да Другой сусветнай вайны пражывалі і працавалі ў Вільні, таму памяталі горад з перадваеннага перыяду. Яшчэ бацька і маці шмат ведалі пра А.Міцкевіча, пра папулярнасць сярод паклоннікаў яго таленту і проста – сярод тамтэйшага насельніцтва. Разам з маці я наведваў музей паэта і іншыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта. Кожны раз, ідучы ад чыгуначнага вакзала ў цэнтр горада, мы праходзілі праз Вострую Браму. Вядомыя радкі з паэмы “Пан Тадэвуш”:

“О Матка Боская, што ў Чанстахове ў храме

Глядзіш спагадліва, што ў Вострай свеціш Браме,…”

– літаральна самі зляталі з вуснаў, калі я ўглядаўся ў гэты сімвал польскай духоўнасці і веры. Вострая Брама – самы каштоўны скарб Вільні. Для кожнага паляка Вострая Брама – найважнейшы сімвал барацьбы за незалежнасць, важны элемент тоеснасці. Маці расказвала, якія творы А.Міцкевіча вывучалі на той час у польскай школе, як яна часта прагульвалася ля вялікага драўлянага помніка паэту. Помнік быў выкананы з драўляных сасновых брусоў. Ён стаяў на правым беразе ракі Віліі (па-літоўску – Нярыс), і меў вышыню каля 12 метраў. У маі 1939 года помнік знішчыла і панесла паводка. На вялікі жаль, за гады вучобы ў савецкай школе ніхто з настаўнікаў літаратуры не ўспамінаў А.Міцкевіча і не знаёміў з яго творчасцю. Наогул, трэба нагадаць, што ў часы СССР не звярталіся да творчасці паэта. З якім хваляваннем і радасцю купіў я ў Вільні першую невялікую кніжку з выбранымі творамі А.Міцкевіча ў перакладзе на беларускую мову. Пазней паэму “Пан Тадэвуш” і іншыя творы паэта я прачытаў у арыгінале. Здзіўляе нават той факт, што прайшло шмат гістарычных падзеяў і пераменаў у рэчаіснасці, а паэзія А.Міцкевіча жыве на гэтай зямлі, выклікаючы ўражанне і аказваючы моцнае ўздзеянне на людзей. Вельмі хвалюючыя пачуцці да роднай прыроды, народных традыцый і патрыятызму выклікаюць творы паэта, прымушаюць думаць.

Zaosie. Muzeum-siedziba Mickiewiczów

Zaosie. Muzeum-siedziba Mickiewiczów

Творчасць паэта звязаная пераважна з гісторыяй Рэчы Паспалітай Абодвух На-родаў і народным фальклорам, а мова А.Міцкевіча з’яўляецца мовай польскай шляхты той эпохі. Якая яна была, яго Айчына? Называлі яе па-рознаму, а была гэтая дзяржава скла-дзеная з Кароны, Каралеўства Польскага, і Вялікага Княства Літоўскага. Былыя землі ВКЛ тады ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. У часы А.Міцкевіча не было нечага такога, як дзяржаўнае ўтварэнне Беларусь. Назва “Беларусь” у тую эпоху для тагачаснага насельніцтва Рэчы Паспалітай была цалкам чужая. Тамтэйшае насельніцтва таксама прызнавалася за “ліцвінаў”, але адначасова звязвала сябе з польскім нацыянальным акрэсленнем. А.Міцкевічу былі далёкія, прыдуманыя сёння нацыянальныя расслаенні ўнутры яго Айчыны. З аднолькавай любоўю ён адносіўся да ўсіх частак страчанай Айчыны. Вось якія словы сказаў паэт аб народзе і Айчыне:”Я люблю ўвесь народ […], хачу яго падняць, ашчаслівіць, хачу ім увесь свет здзівіць”. Увесь жыццёвы шлях і яго творчасць дакладна паказваюць асобу паэта. Трэба толькі ўважліва чытаць яго творы. А.Міцкевіч не раз абвяшчаў сваё паходжанне па нараджэнні – “ліцвін, польскай нацыянальнасці” або “маю польскую нацыянальнасць, але ў мяне ўсё літоўскае”. З 25 гадоў жыцця ў падзеленай Рэчы Паспалітай 7 гадоў А.Міцкевіч праводзіць у Вільні. Трэба нагадаць, што дзяцінства і маладосць А.Міцкевіча выпалі на часы панавання ліберальнага расійскага цара Аляксандра І, калі яшчэ не была распачата бескампрамісная барацьба супраць польскасці. Адбываліся неверагодныя падзеі, першы раз у новай гісторыі была ліквідавана вялікая дзяржава, і цэлы народ падзелены паміж сваімі ворагамі. У польскага народа заўсёды заставалася надзея, што Бог злітуецца над Польшчай, многія і надалей верылі ў адраджэнне краіны. Такая матывацыя перамогі дабра над злом глыбока ўкаранілася ў падсвядомасці народа, яна распальвала вялікі агонь у душы і ўзмацняла імкненне да барацьбы з захопнікамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перастала існаваць польская дзяржава, але застаўся падзелены паміж трыма захопнікамі народ, засталася культурная і гістарычная спадчына. У перыяд падзелаў Рэчы Паспалітай польская мова заставалася адзіным агульнапольскім сродкам камунікацыі, будучы базай для развіцця культуры, літаратуры і мастацкай творчасці, а таксама навуковай дзейнасці. У часы А.Міцкевіча шляхта з’яўлялася носьбітам народнай свядомасці, выступала з ідэяй незалежнасці Польшчы, а таксама высоўвала заклік, які меў патрыятычны адгалосак, з патрабаваннямі вяртання межаў 1772 года. Наогул, шляхецкая традыцыя з’яўляецца гістарычнай спадчынай польскага народа. Народжаны пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, выхаваны ў патрыятычным духу да сваёй Айчыны, А.Міцкевіч паэтычнай творчасцю, актыўным удзелам у тайных таварыствах “філаматаў” і “філарэтаў” выказваў свой пратэст. Верш “Да маці-полькі” А.Міцкевіч напісаў у 1830 годзе:

“О, маці-полька ! Калі ў сына твайго

Блішчыць у зрэнках генія хараство,

Калі яму з ілба дзіцячага глядзіцца,

Палякаў даўніх гордасць і шляхетнасць…”

(Пераклад аўтара артыкула з польскай)

У гэтым вершы ён чарговы раз падкрэслівае ролю народнай паэзіі, сілу, якую маюць у сабе апавяданні аб гістарычных падзеях мінуўшчыны. Праўда, верш напісаны перад Лістападаўскім паўстаннем (1830-1831 гг.), у якім паэт уздымае праблему і заклікае да вызваленчай барацьбы народа.

Zaosie. Spichlerz obok domu siedzibnego Mickiewiczów

Zaosie. Spichlerz obok domu siedzibnego Mickiewiczów

Нехта можа запярэчыць, што ў тыя часы польская мова была дзяржаўнай. Трэба толькі дадаць, што польская мова паступова ўводзілася ў ранг забароненай для публічнага ўжывання, былі спробы ўвядзення рускай мовы ў літургію Каталіцкага Касцёла і г.д. Да-рэчы, навучанне ў імператарскім Віленскім універсітэце адбывалася на польскай мове. Імператарскі царскі Віленскі ўніверсітэт існаваў з 1803 года па 1832 год. Пасля разгрому Лістападаўскага паўстання загадам цара Мікалая І ад 1 мая 1832 года Віленскі ўніверсітэт быў зачынены. Ва ўніверсітэце А.Міцкевіч вывучаў англійскую, французскую, нямецкую, рускую, грэчаскую і лацінскую мовы. Акрамя таго, на практычных занятках ён выкарыстоўваў моўныя правілы ў літаратуры на дадзеных мовах, а таксама знаёміўся з творчасцю вядучых паэтаў і празаікаў. Неяк недарэчна атрымліваецца, калі мы называем А.Міцкевіча беларускім паэтам, а пераклады яго твораў робім з польскай мовы, а не наадварот. У школьнай праграме па беларускай літаратуры для старэйшых класаў на вывучэнне біяграфіі А.Міцкевіча і яго творчасці адводзіцца адна гадзіна. За такі кароткі час не паспееш нават прачытаць баладу “Свіцязянка”. Павярхоўнае і беглае вывучэнне, поўная адсутнасць ведаў пра гісторыю Польшчы і Беларусі адчуваецца ў каментарах і разважаннях маладых людзей аб творчасці і жыццёвым шляху А.Міцкевіча. Вельмі цікавы ліст да Міністра адукацыі Францыі напісаў А.Міцкевіч 4 кастрычніка 1849 года. На мой погляд, урывак з гэтага ліста нешта нам нагадвае, ён актуальны і сёння: “…Славянскіх публіцыстаў і літаратараў падзяляюць рэлігійныя і палітычныя погляды; яны хапаюць урыўкі маіх лекцый, перакладаюць іх, фальсіфікуючы тэкст і каменціруючы яго, кожны ў інтарэсе сваёй нацыянальнасці і партыі…”( Пераклад аўтара артыкула з польскай).

Zaosie. Studnia obok domu siedzibnego Mickiewiczów

Zaosie. Studnia obok domu siedzibnego Mickiewiczów

Не збіраюся рабіць гучных заклікаў і заяў. Хачу толькі паўтарыць даўно вядомае. Адам Міцкевіч – польскі паэт ХІХ стагоддзя, палітычны публіцыст, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з выдатных рамантычных творцаў і летуценнік. Ён аказаў вялікае ўздзеянне на станаўленне польскай, літоўскай і беларускай літаратуры. Адам Міцкевіч і яго паэтычная і публіцыстычная спадчына належаць усяму свету, а літаратура павінна вучыць, цешыць і ўзрушаць аматараў творчасці паэта, людзей розных нацыянальнасцяў. Для мяне асоба А.Міцкевіча з’яўляецца прыкладам духоўнай сілы і натхнення, паказвае іншы спосаб мыслення аб свеце, чым той, да якога мы прывыклі.

Бязлітасна плыве час. Ужо 216 гадоў аддзяляюць нас ад прыходу на свет класіка польскай і сусветнай паэзіі – Адама Міцкевіча. Лавіна падзей і віхуры войнаў ХХ стагоддзя стварылі непамерныя цяжкасці ў адкрыцці і разуменні атмасферы тых стара-даўніх часоў. Трэба сказаць, што жыццё і творчасць А.Міцкевіча – гэта падзея, якая мае маналітычны характар. Цудоўныя і таленавітыя творы паэта адкрываюць яго паэтычны свет, свет яго душы і крыніцу натхнення. Каб любіць паэзію А.Міцкевіча, кожны зацікаў-лены павінен адшукаць у ёй нешта выключна асабістае і ісці да яго творчасці выбраным шляхам, адольваючы яго па-свойму.

Каб яшчэ больш наблізіцца да генія польскай літаратуры, больш даведацца пра жыццё і творчасць паэта, неадкладна пачынаю чарговае падарожжа ў Завоссе. Як сказаў калісьці вялікі нямецкі паэт Гётэ: “Той, хто хоча зразумець паэта, няхай едзе ў яго краіну”. Так і зробім, бо вельмі не церпіцца глянуць уласнымі вачыма на мясцовасць, навакольную прыроду, адкуль пачынаў свой шлях вялікі паэт, пераканацца асабіста, што стала натхненнем для напісання такіх цудоўных твораў. Бадай ніхто не апісаў прыроду і быт былой Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў да гэтай пары з такім густам і натхненнем, шчырасцю і любоўю, як зрабіў гэта А.Міцкевіч. У знакамітай паэме “Пан Тадэвуш” найбольш поўна развівалася творчасць паэта ў маляванні краявідаў словам. Не зважаючы на палітычныя перамены і даволі працяглы час, прыроднае асяроддзе застаецца амаль нязменным. І нават калі няма тых будынкаў, дрэў, лесу, падмуркаў, то напэўна засталіся ўзгоркі, поле, возера, рака, могілкі, месцы былога рассяленя людзей, прыродныя з’явы, поры года. Усё разам, з дапамогай чалавечай памяці можа нешта падказаць, дапаўняючы веды пра асяроддзе, ў якім рос слаўны паэт.

Zaosie. Stare drzewa obok siedziby Mickiewiczów

Zaosie. Stare drzewa obok siedziby Mickiewiczów

Ад чыгуначнай станцыі “Гарадзея” еду прыгарадным электрацягніком па чыгунцы Мінск-Баранавічы да станцыі “Перамога”. За вокнамі мільгаюць дрэвы ў жоўтым аздабленні. Яны стаяць абапал чыгункі і маўкліва чакаюць змены пары года, і толькі цягнікі, што праносяцца побач, парушаюць іх пакой, а вецер зрывае каляровае лісце. Ёсць надзея з самай раніцы, што будзе добры сонечны дзень. Цягнік спыняецца на станцыі “Перамога”, які знаходзіцца за 2 км. ад аўтамабільнай дарогі Баранавічы-Мінск. Выходжу з вагона, моцна трымаючы ў руках пастаяннага спадарожніка і вернага сябра маіх падарожжаў – веласіпед. Ад чыгуначнай станцыі еду веласіпедам на поўнач праз аграгарадок Крошын (былое мястэчка) Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Ад Крошына да Завосся каля 14 км. Маю намер наведаць Завоссе іншай, самай кароткай даро-гай, каб пераканацца ў прыгажосці гэтай зямлі, без якой не было б рамантычнай паэзіі А.Міцкевіча. Збіраюся звяртаць большую ўвагу на навакольную прыроду, каб даведацца, як і адкуль паэт чэрпаў натхненне. Узгоркі пачынаюць гарбаціць дарогу. Гэтым сонечным асеннім днём вельмі добра бачныя ўдалечыні навакольныя лясы з яскрава вызначаным жоўтым колерам, што паступова змяняецца, пераходзіць у руды, цямнее, бо ўжо праходзіць сярэдзіна каляндарнай восені. Дрэвы ў бярозавым гаі, што размясціўся на ўзгорках, быццам імкнуцца сваімі верхавінамі ў халоднае блакітнае неба. Сапраўды, зачароўвае хараство празрыстых дзён. Навокал стаіць незвычайны спакой і цішыня. Падабаецца мне гэтая пара года, са сваёй незвычайнай каляровай і кароткай прыгажосцю. Гэтыя краявіды напамінаюць узнёслыя паэтычныя радкі Г.Бураўкіна:

“ Наўкол сляды павольнага канання

І веліч нетутэйшага маўчання.

Прымаю корна сон зямлі азурны…”

Дарога пралягае праз поле, але неўзабаве прыводзіць да невялікага лесу. На дарожным указальніку бачу надпіс: “в. Завоссе – 2 км.”. Паварочваю налева і еду проста да былога засценка Завоссе, дзе цяпер знаходзіцца”Музей-сядзіба А.Міцкевіча “Завоссе”. З правага боку застаецца вёска Завоссе, а з левага – мясцовыя могілкі. Пераадолеўшы адлегласць каля 2 км, нечакана бачу драўляныя будынкі. Успамінаю малюнак вядомага мастака Напалеона Орды, параўноваючы яго ў думках з цяперашнімі будынкамі сядзібы. Звяртаю ўвагу на тое, што будынкі выкананы дасканала і надаюць сядзібе тыповы характар шляхецкага маёнтка або фальварка дробнай шляхты ў мінулым. Цяперашні будынак пабудаваны на месцы падмурка былой сядзібы Міцкевічаў. На першы погляд складаецца ўражанне, што ўсе пабудовы выкананы на ўзор сядзібы, якая была тут у XVIII-XIX стагоддзях. Аглядаю наваколле вакол сядзібнага дома, заглядваю ў двухпавярховы свіронак, цікавую па форме пабудову, аглядаю гаспадарчыя будынкі. Студня-журавель і лазня на беразе невялікай сажалкі дапаўняюць агульны выгляд гаспадаркі. Навокал стаяць у асенняй вопратцы маладыя дрэвы, толькі адна, абгароджаная пахіленым тынам ліпа, магчыма яна – аўтэнтычная і маўклівая сведка мінуўшчыны. Побач з ёй ужо вырасла ма-ладая ліпа і зараснік. Успамінаюцца паэтычныя радкі А.Міцкевіча:

“…Дрэвы мае бацькоўскія ! Калі неба дапаможа,

Вярнуўся б на вас паглядзець можа, старыя сябры,

Ці знайду вас яшчэ ? Вы, жывыя да гэтай пары ?…”.

(Пераклад аўтара артыкула з польскай).

За гаспадарчымі будынкамі, сярод маладых бярозак схавалася пасека, гледзячы сучаснымі вуллямі на поўдзень. З паўднёвага боку ад сядзібы бачу ўзгоркі, пакрытыя змешаным лесам. Уяўляю, як прыгожа выглядае наваколле ў кожную пару года, а не толькі восенню.

Zaosie. W muzeum A.Mickiewicza

Zaosie. W muzeum A.Mickiewicza

На сцежцы, засцеленай жоўтым кляновым лісцем, сустракаю дырэктара музея-сядзібы. Пасля прывітання, адбываецца кароткая размова. Пытаюся: “Ці шмат турыстаў наведвае музей?” Дырэктар адказвае: “А, турыстычны сезон ужо завяршыўся”. Пасля да-дае, што наведвальнікі і турысты пераважна зазіраюць у гэтыя мясціны летам. Далей ды-рэктар музея ласкава запрашае ў памяшканне сядзібнага дома. Шыльда перад уваходам на сцяне, з надпісам на беларускай мове, сведчыць, што тут: “Гісторыка-культурная каш-тоўнасць. Сядзібны дом Міцкевічаў ХІХ стагоддзя”. Павольна аглядаю экспанаты, пера-ходзячы з пакоя ў пакой. На адным стале бачу даволі патрапаную кнігу “Пан Тадэвуш”, даўнейшае польскае выданне. Звяртаю ўвагу на экспанат, які вісіць пад шклом на сцяне. Там знаходзіцца ксеракопія першай старонкі рукапісу А.Міцкевіча да паэмы “Пан Тадэ-вуш”, а побач – пераклад гэтай старонкі на беларускай мове, выкананы роўным і выраз-ным рукапісным почыркам. Працягваю аглядаць музей, знаёміцца з бытам засцянковай шляхты тых далёкіх часоў. Добра ведаю, што гэты сядзібны дом і гаспадарчыя пабудовы з’явіліся пасля рэканструкцыі сядзібы на былым падмурку. Раней тут стаяў сціплы абеліск, усталяваны польскімі жаўнерамі з Баранавічаў у 1927 годзе. Надпіс на абеліску сведчыў: “Тут стаяў дом, дзе 24 снежня 1798 года нарадзіўся вялікі польскі паэт Адам Міцкевіч”. У адным невялікім пакойчыку мой экскурсавод расказвае, што тут нарадзіўся А.Міцкевіч. Я не магу яму паверыць, але моўчкі аглядаю пакойчык з пісьмовым сталом.

Zaosie. W muzeum A.Mickiewicza

Zaosie. W muzeum A.Mickiewicza

Аб месцы нараджэння або смерці знакамітых людзей звычайна можна спрачацца. Навука сцвярджае, што ў фальварку Завоссе 24 снежня, на Вігілію Божага Нараджэння 1798 года, прышоў на свет А.Міцкевіч, “прыносячы сабе імя Адам”. Трэба адзначыць, што ў каталіцкім календары, менавіта на 24 снежня выпадаюць імяніны Адама. У спрэчках аб месцы нараджэння некаторыя навукоўцы спасылаюцца на сямейную легенду і традыцыю, хаця ў сваіх творах паэт ніколі не ўспамінаў Завоссе. А.Міцкевіч успамінае ў сваіх творах Сапліцова, якое знаходзілася непадалёк фальварка бацькі, каля вёскі Гарбатовічы. Гэтыя мясціны былі для яго сімвалам “малой радзімы”, асновамі польскасці, польскай традыцыі і звычаяў, жыхары якіх клапатліва ставіліся да існуючых вякамі парадкаў і звычаяў. Адлегласць ад фальварка бацькі да маёнтка Верашчакаў у Туганавічах складала каля 7 км. У сямейнай традыцыі аднолькава гаворыцца аб прыдарожнай карчме паміж Завоссем і Навагрудкам, калі “акушэрка” Барбара Маладзецкая перарэзала пупавіну нованароджанага на кніжцы. Да цяперашняга часу ніхто не даказаў, дзе дакладна нарадзіўся А.Міцкевіч. Дакладна вядома толькі тое, што 12 лютага 1799 года немаўля, маючы некалькі тыдняў ад нараджэння, было ахрышчанае ў рымска-каталіцкім касцёле ў Навагрудку, дзе яму надалі імёны Адам Бярнард Міцкевіч. Гэта першы факт, які пацвярджаецца дакументальна. Трэба яшчэ нагадаць, што ў польскіх сем’ях існавала (існуе ў некаторых і цяпер) даўняя традыцыя надання імені народжаным згодна з каталіцкім календаром, пры тым, некалькіх імёнаў. Другі бясспрэчны факт – гэта тое, што шляхецкі род Міцкевічаў меў герб Порай (белая пяцілістая ружа на чырвоным полі) з прыдомкам Рымвід і паходзіў з Лідскага павета.

Stołowicze. Stary kościół katolicki, który odwiedzał A.Mickiewicz. (Obec-nie cerkwa prawosławna)

Stołowicze. Stary kościół katolicki, który odwiedzał A.Mickiewicz. (Obecnie cerkiew prawosławna)

Уважліва аглядаючы экспанаты, здзіўляюся, што няма пад імі надпісаў. Толькі на выхадзе з музея бачу надпіс на беларускай і польскай мовах: “Шчыра дзякуем за наведванне нашага музея!” Абнавіўшы памяць аб выдатным паэце, дзякую за экскурсію і развітваюся з дырэктарам музея. Пакідаю гэты цудоўны і зацішны куток, далей еду ў накірунку паўднёвага захаду, да былых шляхецкіх засценкаў, а цяпер – вёсак Новыя і Старыя Войкавічы. За спінай ужо засталіся вёскі і прыгожыя краявіды асенняга лесу. Лес хутка адступіў ад дарогі, удалечыні паказаліся прасторныя ўзгорыстыя палі і населеныя пункты. Цяпер з асфальтаванай аўтамабільнай дарогі Навагрудак-Баранавічы наперадзе адкрываецца прыгожая панарама. Бачу гатычныя вежы каталіцкай святыні з чырвонай цэглы і вежы былога будынка касцёла (цяпер праваслаўная царква) у архітэктурным стылі віленскага барока ў цэнтры вёскі Сталавічы. Па дарозе назад еду праз гэтую вёску, якая вядома з XIV стагоддзя. Дарэчы, з літаратурных крыніц вядома, што А.Міцкевіч бываў на “славутым кірмашы коней” у Сталавічах, дзе аднойчы ў незвычайных акалічнасцях спаткаўся з Тамашом Занам. Увесь зваротны шлях думкі не даюць спакою. Праз два стагоддзі, што мінулі з часу напісання першых вершаў А.Міцкевіча, яго паэзія і мудрасць актуальныя і сёння. Яго творчасць, пакуль яна дае ўражанні і пражыванні, заўсёды застаецца вялікай каштоўнасцю не толькі ў польскай літаратуры.

Tuhanowicze. Wejście do starego parku

Tuhanowicze. Wejście do starego parku

З гісторыі вядома, што вялікія і гучныя сваімі вынікамі гістарычныя падзеі адбываліся амаль адначасова з нараджэннемнайвялікшага паэта ў новай гісторыі Польшчы. Час, у якім А.Міцкевіч пісаў “Пана Тадэвуша”, быў перыядам наражэння свабодалюбівых рухаў у Еўропе. Пасля разгрому Лістападаўскага паўстання пачалася Вялікая эміграцыя. Асуджаны на выгнанне, А.Міцкевіч 6 лістапада 1824 года выязджае ў Санкт-Пецярбург, назаўсёды пакінуўшы роднае гняздо. Ён пры жыцці ўжо ніколі не вернецца на Айчыну. Прабыўшы пяць гадоў у Расіі, пазней туляецца па Еўропе. Над “Панам Тадэвушам” А.Міцкевіч працаваў у 1832-1834 гадах, на эміграцыі ў Парыжы, таму і вяртаецца ў паэме да ўспамінаў дзяцінства, да шчаслівых у яго памяці часоў. Дарэчы, у эміграцыі былі напісаныя самыя знакамітыя творы польскага рамантызму. Польскія рамантыкі імкнуліся давесці да грамадства, што гісторыя захоўвае свой сэнс і працяг нават пры адсутнасці дзяржаўнасці. Будучы ў эміграцыі, у 1848 г. (Італія) і 1855 г. (Турцыя), А.Міцкевіч самастойна рабіў спробы арганізаваць польскія легіёны барацьбітоў за свабоду. Душа паэта раздзіралася, пастаянна яго праследавала думка, што ён ніколі не вернецца на сваю Айчыну. У такім стане любоў да роднай зямлі станавілася асаблівым пачуццём, якое часта суправаджалася смуткам і настальгіяй. З тугі і ўспамінаў А.Міцкевіча атрымалася эпапея “Пан Тадэвуш”, якая мела задачу – лячыць душы людзей, якія сумавалі па Айчыне, каб вярнуць ім адчуванне грамадзянства. Частку свайго болю і тугі паэт пакінуў на паперы, ствараючы цудоўны твор, рамантычную народную эпапею “Пан Тадэвуш”, што крыху заспакоіла яго боль. Родныя краявіды літаральна ажывалі ў яго творах. Прырода прадстаўлена ў “Пане Тадэвушу” рэалістычна. Паэт праз прадстаўленне прыроды малой радзімы ў сваіх успамінах вяртаецца ў “краіну дзіцячых гадоў”. Вядомыя з дзяцінства малюнкі шляхецкага жыцця ў фальварку, краявіды, з захапленнем апісаныя ў “Пане Тадэвушу”, наогул, ствараюць ілюзію вандроўкі паэта на радзіму. У паэме ўсё так падобна на байку, але ў той жа час большасць падзеяў з’яўляецца ашаламляльна праўдзівай. Здзіўляе, што нідзе ў Еўропе дробная шляхта не адыгрывала такой значнай ролі, як у Рэчы Паспалітай.

Tuhanowicze. Drzewa w centralnej części parku. Miejsce, gdzie Adam     pierwszy raz zobaczył swoja ukochana Marylę

Tuhanowicze. Drzewa w centralnej części parku. Miejsce, gdzie Adam pierwszy raz zobaczył swoja ukochana Marylę

Tuhanowicze. Stare drzewa z brzegu parku

Tuhanowicze. Stare drzewa z brzegu parku

А.Міцкевіча заўсёды натхнялі родныя лясы і азёры, рака Нёман, усё прыроднае навакольнае асяроддзе. Ён з вялікай настальгіяй уяўляе і ўспамінае родныя мясціны на чужыне. Даволі часта паэт выкарыстоўваў навакольныя краявіды ў сваіх творах. Нам невядома, але напэўна, у душы А.Міцкевіча аж да самай смерці засталася прыгожая і поўная жыцця прырода Навагрудчыны, любоў да роднай зямлі. На прыкладзе “Пана Тадэвуша” можна назіраць сілу паэзіі, якая праз гарманізацыю паказанай прыроды ўзмацняе адчуванне прыгажосці. Паэт быў незвычайна звязаны з малой радзімай, бо пражыў тут першае каханне, самыя прыемныя і найлепшыя хвіліны жыцця. У жніўні 1820 года ў маёнтку Туганавічы А.Міцкевіч спаткаў жанчыну, вобраз якой стаў музай усяго яго жыцця. Гэта была Марыя Верашчака (яе часта называлі Марыля). Іх каханне звязана з біяграфіяй паэта.

Трэба нагадаць, што, чытаючы паэму, можна атрымаць незвычайныя ўражанні ад прыгожага, поўнага рэалізму твора і гісторыі Польшчы. Паэма “Пан Тадэвуш” гучыць як гімн Айчыне, наваколлю Навагрудка, Карэлічаў, Міра і іншым мясцовасцям. Пасля падарожжа ў Завоссе стала выразна зразумелым, чаму краявіды не складаюць адзінага фону ў эпапеі “Пан Тадэуш”. Прырода з’яўляецца сапраўдным героем, які бесперапынна змяняецца, утвараючы чалавечы стан душы і захаплення.

Гістарычны фон эпапеі стварае сітуацыя вакол напалеонаўскай кампаніі 1812 года, а перш за ўсё – удзел у ёй польскіх войскаў. З-за незвычайнага багацця мовы эпапея становіцца цудоўнай і манументальнай. З першых старонак эпапеі паглыбляешся ў атмасферу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў на пачатку ХІХ стагоддзя, а ў дадатак, аглядаючы ўцалелыя помнікі гісторыі і культуры, набываеш поўнае сведчанне прысутнасці польскай культуры на гэтай зямлі.

Głaz Filaretów w uroczysku Zakątek, obok wsi Karczowa

Głaz Filaretów w uroczysku Zakątek, obok wsi Karczowa

Невялікае падарожжа ў Завоссе і яго наваколле напамінае аб жыцці засцянковай шляхты эпохі А.Міцкевіча, робіць больш разнастайным яго шлях у сучаснай Беларусі. Тут галоўнае, што нават адно падарожжа набліжае далёкага па часе класіка польскай і сусветнай паэзіі, гордага патрыёта Рэчы Паспалітай, сябра і паплечніка тых, каму слова Бацькаўшчына і свабода – найвышэй і найдаражэй за ўсё. На гэтым найважнейшым шляху паэта наперадзе яшчэ цэлы шэраг незвычайных падарожжаў па Беларусі: Карчэва, Туганавічы, Цырын, Варонча, возера Свіцязь, Плужыны, Чомбраў, Шчорсы, Рута, Навагрудак, Гарбатовічы, Сапліцова, Балценікі, Беняконі…

 

З павагай,

Бярнард Іосіфавіч Пакульніцкі

16 студзеня 2015 года.

 

Udostępnij na:

Skomentuj

Twój e-mail nie zostanie opublikowany